Старонка:Дуброўскі.pdf/29

Гэта старонка была вычытаная

быў за яго сына, не гледзячы на тое, што мноства босых дзяцей, як дзве кроплі вады падобных да Кірылы Петровіча, бегалі перад яго вокнамі і лічыліся дваровымі. Кірыла Петровіч выпісаў з Масквы свайму маленькаму Сашу французскага настаўніка, які і прыехаў у Пакроўскае ў часе падзей, якія мы цяпер апісваем.

Гэты настаўнік спадабаўся Кірылу Петровічу сваім прыемным выглядам і простымі манерамі. Ён паказаў Кірылу Петровічу свае атэстаты і пісьмо ад аднаго з сваякоў Траекурава, у якога чатыры гады жыў ён за гувернёра. Кірыла Петровіч усё гэта перагледзеў і быў нездаволен адной маладосцю свайго француза, не таму, што лічыў гэтую прыемную загану несумяшчальнай з цярплівасцю і спрактыкаванасцю, так патрэбнымі ў няшчаснай годнасці настаўніка, але ў яго былі свае думкі, якія адразу яму і растлумачыў. Для гэтага загадаў ён паклікаць да сябе Машу (Кірыла Петровіч па-французску не гаварыў і яна была яму за перакладчыка).

— Хадзі сюды, Маша: скажы ты гэтаму мусе, што няхай так — прымаю яго; толькі з тым, каб ён у мяне за маімі дзяўчатамі не адважыўся цягацца, бо я яго, сабачага сына... перакладзі яму гэта, Маша.

Маша пачырванела і, звярнуўшыся да настаўніка, сказала яму па-французску, што бацька яе спадзяецца на яго далікатнасць і прыстойныя паводзіны.

Француз ёй скланіўся і адказаў, што ён спадзяецца заслужыць павагу, нават калі адмовяць яму ў прыхільнасці.

Маша слова ў слова пераклала яго адказ.

— Добра, добра, — сказаў Кірыла Петровіч, - не трэба для яго ні прыхільнасці, ні павагі. Яго справа наглядаць за Сашам і навучаць граматыцы і геаграфіі, перакладзі гэта яму.

Мар'я Кірылаўна змякчыла ў сваім перакладзе грубыя бацькавы выразы, і Кірыла Петровіч адпусціў свайго француза ў флігель, дзе вызначан быў яму пакой.

Маша не аддала ніякай увагі маладому французу, выхаваная ў арыстакратычных забабонах. Настаўнік быў для яе накшталт слугі або рабочага, а слуга ці рабочы не здаваўся ёй мужчынам. Яна не заўважыла і ўражання, зробленага ёю на m-r Дэфоржа, ні яго збянтэжанасці, ні яго ўтрапення, ні змененага голасу. Некалькі дзён падрад пасля яна сустракала яго даволі часта, не даючы яму большай уважлівасці. Нечаканым чынам атрымала яна аб ім зусім новае разумение.