Старонка:Дуброўскі.pdf/30

Гэта старонка была вычытаная

На двары ў Кірылы Петровіча выхоўвалася звычайна некалькі мядзведзянят, яны былі адной з галоўных забавак пакроўскага пана. У першай сваёй маладосці мядзведзяняты штодзённа прыводзіліся ў гасціную, дзе Кірыла Петровіч цэлымі гадзінамі важдаўся з імі, нацкоўваючы іх на катоў і сабак. Вырасшы, яны сядзелі на ланцугу, чакаючы сапраўднага цкавання. Часамі іх выводзілі пад вокны панскага дома і падкочвалі ім парожнюю бочку з-пад віна, з паўтыканымі цвікамі; мядзведзь абнюхваў яе, пасля ціхом да яе дакранаўся, калоў сабе лапы, раззлаваўшыся, штурхаў яе мацней, і мацнейшы рабіўся боль. Ён даходзіў да сапраўднага шаленства, зароўшы, кідаўся на бочку, пакуль не адбіралі ў небаракі-звера прычыны дарэмнай яго злосці. Здаралася, што ў воз упрагалі пару мядзведзяў, сілком саджалі ў яго гасцей і пускалі іх ляцець на волю божую. А за лепшы жарт лічылася ў Кірылы Петровіча вось што.

Галоднага мядзведзя замкнуць, бывала, у пустым пакоі, прывязаўшы яго вяроўкай за колца, ушрубаванае ў сцяну. Вяроўка была даўжынёй амаль на ўвесь пакой, так што ў адным толькі супроцьлеглым кутку можна было быць смелым ад нападу страшэннага звера. Падводзілі звычайна навічка да дзвярэй гэтага пакоя, знянацку ўпіхалі яго да мядзведзя, дзверы замыкаліся і няшчаспую ахвяру пакідалі адну з калматым пустэльнікам. Небарака-госць, з адарваным крысом, і да крыві падрапаны, хутка знаходзіў той куток, але вымушан быў часамі цэлых тры гадзіны стаяць, прыціснуўшыся да сцяны, і глядзець, як раз'юшапы звер, за два крокі ад яго роў, скакаў, станавіўся па дыбкі, рваўся і стараўся да яго дацягнуцца. Вось якія былі далікатныя забавы рускага пана! Праз некалькі дзён пасля прыезду настаўніка, Траекураў успомніў аб ім і надумаўся пачаставаць яго ў мядзвежым пакоі: для гэтага, паклікаўшы яго аднойчы раніцой, павёў ён яго з сабой цёмнымі карыдорамі; раптам бакавыя дзверы адчыніліся, двое слуг упіхаюць у іх француза і замыкаюць ключом. Апамятаваўшыся, настаўнік убачыў прывязанага мядзведзя, звер пачаў чмыхаць, здалёк абнюхваючы свайго гасця і раптам, падняўшыся на задніх лапах, рушыў на яго... Француз не спалохаўся, не пабег, а чакаў нападу. Мядзведзь наблізіўся, Дэфорж выняў з кішэні маленькі пісталет, уклаў яго ў вуха галоднаму зверу і стрэліў. Мядзведзь упаў. Усе збегліся. Дзверы адчынілі - Кірыла Петровіч увайшоў, здзіўлены развязкай свайго жарту.