Старонка:Дуброўскі.pdf/4

Гэта старонка была вычытаная

пану, не наракаем; а што праўда, то праўда, іншаму двараніну і не шкодзіла-б памяняць сялібу на любую гэтую будку — яму было-б і сытней і цяплей.

Кірыла Петровіч моцна засмяяўся ад такой задзірыстай заўвагі свайго халопа, а госці следам за ім зарагаталі, хоць і адчувалі, што жарт сабакара мог быць накірован і ў іх бок. Дуброўскі пабялеў і не сказаў ні слова.

У той момант паднеслі ў кашолцы да Кірылы Петровіча новароджаных шчанят; ён заняўся імі, выбраў сабе двух, астатніх сказаў утапіць. Тымчасам Андрэй Гаўрылавіч знік, і ніхто таго не заўважыў.

Вярнуўшыся з гасцямі з сабакарні, Кірыла Петровіч сеў вячэраць і толькі тады, не бачачы Дуброўскага, успомніў пра яго. Людзі адказалі, што Андрэй Гаўрылавіч паехаў дадому. Траекураў загадаў адразу-ж яго дагнаць і няйначай вярнуць. Зроду не выязджаў ён на паляванне без Дуброўскага, спрактыкаванага і тонкага аматара сабачых якасцей і беспамылковага вырашальніка усялякіх паляўнічых спрэчак. Слуга, які паімчаўся за ім, вярнуўся, калі яшчэ сядзелі за сталом, і паведаміў свайго пана, што, значыцца, Андрэй Гаўрылавіч не паслухаў і не захацеў вярнуцца. Кірыла Петровіч, як звычайна, разгарачаны наліўкамі, раззлаваўся і другі раз паслаў таго-ж слугу сказаць Андрэю Гаўрылавічу, што калі ён адразу-ж не прыедзе начаваць у Пакроўскае, то ён, Траекураў, з ім навек пасварыцца. Слуга зноў паімчаўся. Кірыла Петровіч, устаўшы з-за стала, развітаўся з гасцямі і пайшоў спаць.

На другі дзень першае пытанне яго было: ці тут Андрэй Гаўрылавіч? Замест адказа яму падалі ліст, згорнены трохкутнікам; Кірыла Петровіч загадаў свайму пісару чытаць яго ўголас, і пачуў вось што:

Мой добры пане,

Я да таго часу не маю намеру ехаць у Пакроўскае, пакуль не вышлеце мне сабакара Парамошку з просьбай аб прабачэнні; а будзе мая ласка пакараць яго, або дараваць яму, а я цярпець кпіны ад вашых халопаў не маю намеру, ды і ад Вас не сцярплю — бо я не блазан, а старадаўні дваранін. — З гэтым астаюся пакорлівы да паслуг

Андрэй Дуброўскі.

Паводле цяперашніх разуменняў аб этыкеце, ліст гэты быў-бы вельмі непрыстойны, але ён раззлаваў Кірылу Петровіча не дзіўным складам, але толькі сваёй сутнасцю.

— Як, — грымнуў Траекураў, рвануўшыся з пасцелі босы, — высылаць да яго маіх людзей з просьбай аб прабачэнні,