Старонка:Дуброўскі.pdf/45

Гэта старонка была вычытаная

нот, але Дуброўскі быццам з-за галаўной болі, папрасіў прабачэння, спыніў заняткі і, загортваючы ноты, падаў ёй ціхом запіску. Мар'я Кірылаўна, не паспеўшы адумацца, узяла яе і раскаялася ў тую-ж хвіліну, але Дуброўскага не было ўжо ў зале. Мар'я Кірылаўна пайшла ў свой пакой, разгарнула запіску і прачытала:

«Будзьце сёння ў сем гадзін у альтанцы каля рэчкі. — Мне трэба з вамі гаварыць».

Цікаўнасць яе была вельмі ўзбуджана. Яна даўно чакала прызнання, жадаючы і баючыся яго. Ёй прыемна было-б пачуць пацверджанне таго, аб чым яна здагадвалася, але яна адчувала, што ёй было-б непрыстойна чуць такое прызнанне ад чалавека, які паводле таго, кім ён быў, не мог спадзявацца калі-небудзь атрымаць яе руку. Яна надумалася ісці на спатканне, але хісталася ў адным: як прыме яна прызнанне настаўніка, ці з арыстакратычным гневам, ці з угаварваннем аб дружбе, з вясёлымі жартамі, ці з маўклівай спагадлівасцю. Тымчасам яна што-хвіліны паглядала на гадзіннік. Змяркалася, падалі свечкі, Кірыла Петровіч сеў гуляць у бастон з прыезджымі суседзямі, сталовы гадзіннік выбіў чвэрць сёмай, і Мар'я Кірылаўна ціхенька вышла на ганак —азірнулася на ўсе бакі і пабегла ў сад.

Ноч была цёмная, неба ўкрыта хмарамі — за два крокі ад сябе нельга было нічога бачыць, але Мар'я Кірылаўна ішла ў цемені знаёмымі дарожкамі і праз хвіліну апынулася ля альтанкі; тут спынілася яна, каб аддыхацца і з'явіцца перад Дэфоржам з выглядам абыякавым і разважлівым. Але Дэфорж ужо стаў перад ёю.

— Дзякую вам, — сказаў ён ёй ціхім і сумным голасам, што вы не адмовілі мне ў маёй просьбе. Я быў-бы ў роспачы, каб вы на тое не згадзіліся.

Мар'я Кірылаўна адказала загадзя нарыхтаванай фразай:

— Спадзяюся, што вы не прымусіце мяне каяцца ў маёй дабраце.

Ён маўчаў і, здавалася, набіраўся духу.

— Акалічнасці вымагаюць... я павінен вас пакінуць, сказаў ён нарэшце, - вы неўзабаве можа быць пачуеце... Але перад разлукай я павінен з вамі сам пагаварыць...

Мар'я Кірылаўна не адказала нічога. У гэтых словах бачыла яна прадмову да прызнання, якога чакала.

— Я не той, што вы думаеце, — гаварыў ён, унурыўшы галаву, — я не француз Дэфорж, я Дуброўскі.