ён зробіць ласку ім дараваць, або іх караць! — што-ж гэта ён сапраўды задумаў; ці ведае ён з кім звязваецца, вось я-ж яго! Наплачацца ён у мяне, будзе ведаць як ісці на Траекурава!
Кірыла Петровіч адзеўся і выехаў на паляванне са звычайнай сваёй пышнасцю. Але паляванне не ўдалося. За ўвесь дзень бачылі аднаго толькі зайца і таго прамарнатравілі. Абед у полі пад палаткай таксама не ўдаўся, ці прынамсі прышоўся не да густу Кірылу Петровічу, які збіў кухара, аблаяў гасцей і варочаючыся назад з усім сваім паляўніцтвам, назнарок паехаў палямі Дуброўскага.
Прайшло некалькі дзён, і варожасць паміж двума суседзямі не спынялася. Андрэй Гаўрылавіч не прыязджаў у Пакроўскае — Кірыла Петровіч без яго сумаваў і прыкрасць яго душы голасна вылівалася самымі зняважлівымі выразамі, якія, з прычыны шчырай стараннасці тамашніх дваран, даходзілі да Дуброўскага падпраўленыя і дапоўненыя. Новая акалічнасць адабрала і апошнюю надзею на замірэнне.
Дуброўскі аб'язджаў аднойчы свае невялікія ўладанні; пад'язджаючы да бярозавага гаю, пачуў ён стук сякеры і праз хвіліну трэск паваленага дрэва. Ён заспяшаўся ў гай і наехаў на пакроўскіх мужыкоў, якія спакойна кралі ў яго лес. Убачыўшы яго, яны кінуліся спачатку бегчы. Дуброўскі з сваім фурманам злавіў з іх двух і прывёў іх звязаных да сябе у двор. Трое ворагавых коней асталіся тут-жа як здабыча пераможцу. Дуброўскі быў вельмі злосны, дагэтуль людзі Траекурава, вядомыя разбойнікі, не асмельваліся сваволіць у межах яго ўладанняў, ведаючы сяброўскую сувязь яго з іх панам. Дуброўскі бачыў, што цяпер карысталіся яны нядаўным разрывам і адважыўся, не гледзячы на ўсе разуменні ваенных правоў, пакараць сваіх нявольнікаў дубцамі, якіх яны назапасілі ў яго-ж гаю, а коней пусціць у працу, далучыўшы іх да свае жывёлы.
Чутка аб гэтым здарэнні ў той-жа дзень дайшла да Кірыла Петровіча. Гнеў апанаваў яго, і ў першую хвіліну ён хацеў з усімі сваімі дваровымі зрабіць напад на Кісцянёўку (так называлася вёска яго суседа), разбурыць яе да-тла і сцішыць самога памешчыка ў яго сялібе — такія ўчынкі былі яму не ўпершыню. Але думкі яго неўзабаве пайшлі ў іншым кірунку. Пахаджаючы цяжкімі крокамі ўзад і ўперад па залу, ён зірнуў неспадзеўкі ў акно і ўбачыў ля брамы тройку коней;