Старонка:Дуброўскі.pdf/59

Гэта старонка была вычытаная

Хлапчук не адказаў ні слова, стаяў, унурыўшы галаву і напусціў на сябе выгляд сапраўднага дурачка.

— Добра, - сказаў Кірыла Петровіч, — замкніце яго куды-небудзь, ды глядзіце, каб ён не ўцёк, бо з усяго дому скуру спушчу.

Сцяпан адвеў хлапчука на галубятню, замкнуў яго там і прыставіў назіраць за ім старую наглядчыцу птушак Аграфію.

— Зараз-жа ехаць у горад па іспраўніка, — сказаў Кірыла Петровіч, правёўшы хлопчыка вачыма, - і як мага хутчэй.

«Тут няма ніякага сумнення. Яна захавала зносіны з праклятым Дуброўскім. Але няўжо і сапраўды яна клікала яго на дапамогу? — думаў Кірыла Петровіч, пахаджваючы па пакоі і злосна высвістваючы: Гром победы. - Можа быць, я нарэшце напаў на яго гарачыя сляды, і ён ад нас не ўцячэ. Мы скарыстаем гэты выпадак. Ага! званочак, дзякуй богу, гэта іспраўнік. — Эй, прывесці сюды хлапчука злоўленага.

Тым часам драбінкі ўз'ехалі на двор, і знаёмы ўжо нам іспраўнік увайшоў у пакой увесь абпылены.

— Добрая вестка, - сказаў яму Кірыла Петровіч. — я злавіў Дуброўскага.

— Дзякуй богу, ваша прэвасхадзіцельства, — сказаў іспраўнік з выглядам узрадаваным, — дзе-ж ён?

— Значыцца, не Дуброўскага, а аднаго з яго шайкі. Зараз яго прывядуць. Ён пасобіць нам злавіць самога атамана. Вось яго і прывялі.

Іспраўнік, які чакаў грознага разбойніка, быў здзіўлен, убачыўшы трынаццацігадовага хлапчука, даволі слабога выгляду. Ён з непаразуменнем звярнуўся да Кірылы Петровіча і чакаў тлумачэння. Кірыла Петровіч пачаў тут-жа расказваць ранішняе здарэнне, не ўспамінаючы аднакжа пра Мар'ю Кірылаўну.

Іспраўнік выслухаў яго ўважліва, штохвілінна паглядаючы на малога шэльму, які, прыкінуўшыся дурачком, здавалася, не браў на ўвагу ўсё, што рабілася каля яго.

— Дазвольце, ваша прэвасхадзіцельства, перагаварыць з вамі сам-на-сам, — сказаў нарэшце іспраўнік.

Кірыла Петровіч павёў яго ў другі пакой і замкнуў за сабой дзверы.

Праз поўгадзіны яны вышлі зноў у зал, дзе нявольнік чакаў вырашэння свайго лёсу.

— Пан хацеў, - сказаў яму іспраўнік, - пасадзіць цябе ў гарадскі астрог, высцябаць нагайкамі і выслаць пасля на