Старонка:Дуброўскі.pdf/63

Гэта старонка была вычытаная

Хоць пэўная пасудзіна некалькі разоў і пераходзіла з рук у рукі, дзіўнае маўчанне панавала ў гэтым натоўпе — разбойнікі паабедалі, адзін за адным уставалі і маліліся богу, некаторыя разышліся па шалашах, а некаторыя разбрыліся па лесе — або прыляглі заснуць, паводле рускага звычаю.

Караульшчык скончыў сваю работу, патрос свой лахман, пацешыўся з латкі, ушпіліў у рукаў іголку, сеў на гармату верхам і заспяваў ва ўсё горла меланхалічную старую, песню.

Не шуми мати зеленая дубровушка,
Не мешай мне молодцу думу думати.

У гэты час дзверы аднаго з шалашоў адчыніліся, і старая жанчына ў белым чапцы, ахайна і з густам адзетая, з'явілася ля парогу.

— Даволі табе, Сцёпка, — сказала яна злосца, - пан адпачывае, а ты гарлапаніш — няма ў вас ні сумлення, ні спачування.

— Вінават, Егораўна, — адказаў Сцёпка, — добра, больш не буду, няхай ён сабе, наш бацюхна, адпачывае і папраўляецца.

Старая пайшла, а Сцёпка пачаў расхаджваць па валу.

У шалашы, з якога выходзіла старая, за перагародкай, ранены Дуброўскі ляжаў на паходным ложку. Перад ім на століку ляжалі яго пісталеты, а шабля вісела ў галавах. Зямлянка выслана і абвешана была багатымі дыванамі, у кутку знаходзіўся жаночы срэбны туалет і трумо. Дуброўскі трымаў у руцэ разгорнутую кнігу, але вочы яго былі заплюшчаны. І старая, што паглядвала на яго з-за перагародкі, не магла ведаць, ці заснуў ён, ці толькі задумаўся.

Раптам Дуброўскі здрыгануўся, — ва ўмацаванні пачулася трывога — і Сцёпка ўсунуў да яго галаву ў акенца.

— Бацюхна, Владзімір Андрэевіч! — закрычаў ён, — нашы знак падаюць, нас шукаюць.

Дуброўскі рвануўся з ложка, схапіў зброю і вышаў з шалаша. Разбойнікі з шумам тоўпіліся на двары, як толькі ён вышаў наступіла глыбокае маўчанне.

— Ці ўсе тут? — запытаў Дуброўскі.

— Усе, апроч дазорных, — адказалі.

- Усе на месцы! — закрычаў Дуброўскі. І разбойнікі занялі кожны пэўнае месца.

У гэты час трое дазорных прыбеглі да брамы; Дуброўскі пайшоў да іх насустрач.