Старонка:Дуброўскі.pdf/64

Гэта старонка была вычытаная

— Што такое? - запытаў ён іх.

— Салдаты ў лесе, — адказалі яны, — нас абкружаюць.

Дуброўскі загадаў замкнуць браму і сам пайшоў агледзець гарматку. У лесе пачулася некалькі галасоў — і пачалі набліжацца, — разбойнікі чакалі моўчкі. Раптам тры ці чатыры салдаты паказаліся з лесу і адразу падаліся назад стрэламі падаўшы знак таварышам.

— Рыхтавацца да бою, — сказаў Дуброўскі і сярод разбойнікаў пачуўся шоргат — зноў усё заціхла.

Тады пачулі шум каманды, якая набліжалася, зброя бліснула паміж дрэў, чалавек паўтараста салдат высыпала з лесу і з крыкам кінуліся на вал. Дуброўскі прыставіў кнот, стрэл быў удалы: аднаму адарвала галаву, двое былі ранены. Паміж салдат узнікла збянтэжанасць, але афіцэр кінуўся наперад, салдаты за ім рушылі і збеглі ў роў; разбойнікі стрэлілі ў іх з стрэльбаў і пісталетаў і пачалі з сякерамі ў руках абараняць вал, на які лезлі раз'яраныя салдаты, пакінуўшы ў рове чалавек дваццаць раненыў таварышоў. Рукапашны бой пачаўся; салдаты ўжо былі на валу, разбойнікі пачалі падавацца. Але Дуброўскі, падышоўшы да афіцэра, прыставіў яму пісталет да грудзей і стрэліў, афіцэр грымнуўся вобземлю, некалькі салдат падхапілі яго на рукі і спяшаліся аднесці ў лес, а астатнія, страпіўшы начальніка, спыніліся. Падбадзёраныя разбойнікі скарысталі гэтую хвіліну збянтэжанасці, змялі іх, адціснулі ў роў, салдаты пабеглі — разбойнікі з крыкам рушылі за імі. Перамога была поўная. Дуброўскі, спадзеючыся на перамогу над ворагам, спыніў сваіх і зачыніўся ў крэпасці, загадаўшы пабраць раненых, падвоіўшы варту і загадаўшы нікому не адлучацца.

Апошнія падзеі прыцягнулі ўжо не на жарты ўвагу ўлады на смелыя разбоі Дуброўскага. Сабраны былі весткі аб месцы яго знаходжання. Накіравана была рота салдат, каб узяць яго — мёртвага ці жывога. Злавілі некалькі чалавек з яго шайкі і даведаліся ад іх, што ўжо Дуброўскага паміж імі не было. Праз некалькі дзён, ён сабраў усіх сваіх аднадумцаў, сказаў ім, што мае намер назаўсёды з імі развітацца, раіў і ім змяніць спосаб жыцця.

— Вы разбагацелі пад маім начальствам, кожны з вас мае дакументы, з якімі смела можа выбрацца ў якую-небудзь далёкую губерню і там пражыць астатняе жыццё ў сумленнай працы і ў дастатку. Але вы ўсе машэннікі і, напэўна, не захочаце кінуць ваша рамяство.