усякіх невядомых мне парод. Усім ім я паадразаў крыллі, каб яны не маглі паляцець.
Маладыя дрэўцы, якія я насадзіў перад сваёй крэпасцю, каб лепш схаваць яе ад дзікуноў, разрасліся ў густы гай, і ў гэтым гаі таксама пасялілася шмат птушак: яны вілі гнёзды на невысокіх дрэвах і выводзілі птушанят, а мяне гэта радавала і суцяшала.
Такім чынам, паўтараю, я адчуваў сябе спакойна і добра і быў-бы зусім задаволен сваім лёсам, каб не баяўся дзікуноў.
Раздзел восемнаццаты
Дзікуны зноў наведваюць востраў Рабінзона. — Крушэнне карабля.
Надышоў снежань месяц — час уборкі хлеба, якая патрабавала сталай работы на палях. І вось аднойчы, вышаўшы з дому перад досвіткам, я быў ашаломлены, убачыўшы агонь вялікага кастра на беразе, мілі на дзве ад майго жылля.
Я прытаіўся ў гайку, баючыся ступіць лішні крок, каб не натыркнуцца на дзікуноў. Але і ў гайку я не мог быць спакойным: я баяўся, што дзікуны пачнуць валэндацца па востраву, убачаць мае загарадкі і палі, зараз-жа здагадаюцца, што на востраве жывуць людзі, і не супакояцца, пакуль не знойдуць мяне. Падштурхнуты страхам, я жвава пералез назад за агарожу, падняў за сабой лесніцу, каб схаваць свае сляды, і пачаў рыхтавацца да абароны.
Я зарадзіў усе свае стрэльбы, агледзеў і