зямлі на паўночным захадзе ад майго вострава, якую я лічыў за матэрык, быў вялікі востраў Трынідад, які ляжаў у паўночнай частцы вусця той-жа ракі. Я засыпаў Пятніцу пытаннямі аб гэтай зямлі і яе жыхарах; пытаўся, ці небяспечныя тамашнія берагі, ці бурнае там мора, ці вельмі там дзікія і жорсткія людзі і хто іхнія суседзі. Ён з вялікай ахвотай расказаў усё, што ведаў.
Запытваў я таксама, як завуцца ўсялякія плямёны, якія жывуць у тых месцах, але вялікага толку не дамогся. Ён цвярдзіў толькі адно: «Карыб, карыб». Няцяжка было здагадацца, што ён гаворыць пра карыбаў, што жывуць іменна ў гэтай частцы Амерыкі, займаючы ўсю берагавую паласу ад вусця Орыноко да Гвіяны. Пятніца расказаў мне яшчэ, што далёка «за месяцам», гэта значыць у тым баку, дзе садзіцца месяц, ці, іншымі словамі, к захаду ад яго радзімы, жывуць такія-ж, як я, белыя барадатыя людзі (тут ён паказаў на маю даўгую бараду) і што гэтыя людзі «забілі многа людзі». Я зразумеў, што ён кажа аб іспанцах, якія праславіліся на ўвесь свет сваімі зверствамі ў Паўднёвай Амерыцы, дзе, мусіць, яшчэ доўга будуць пераходзіць ад бацькі да сына апавяданні аб іх зверскай жорсткасці.
На маё запытанне, ці не ведае ён, ці ёсць якая-небудзь мажлівасць пераправіцца да белых людзей з нашага вострава, ён адказаў:
— Так, так, гэта мажліва: трэба плыць на двух лодках.
Я доўга не разумеў, што ён хацеў сказаць