рабіць далей. Перацягнуць двух дарослых людзей цераз загарадку нам было немагчыма, а ламаць загарадку, я нізавошта не хацеў. Прышлося мне зноў пусціць у ход свае выдумкі, і нарэшце перашкоды былі знішчаны. Мы з Пятніцай узяліся за работу, і гадзіны праз дзве за знадворнай загарадкай, паміж ёю і ляском, у нас стаяла цудоўная парусінавая палатка, прыкрытая зверху галлём ад сонца і дажджу. У гэтай палатцы мы зрабілі дзве пасцелі з таго матэрыялу, які ў мяне быў, гэта значыць, з рысавай саломы і чатырох коўдраў.
Раздзел дваццаць трэці
Новыя жыхары вострава. — Прыбыццё англічан.
Калі мы ўсталявалі жыллё і пасялілі ў ім нашых гасцей, трэба было падумаць, чым іх накарміць.
Абед рабіў Пятніца. Ён засыпаў бульëн ячменем і рысам, і атрымаўся надзвычай добры спажыўны суп. Гатавалі заўсёды каля гайку, за знадворнай загарадкай (я ніколі не распальваў агню ў сярэдзіне крэпасці); таму самым зручным месцам было абедаць у новай палатцы. Мы накрылі там стол і паабедалі ўчатырох. Я старшынстваваў за сталом і займаў нашых гасцей гутаркай. Пятніца быў у мяне перакладчыкам, не толькі калі я размаўляў з яго бацькам, але і з іспанцам, бо той хоць і не мог размаўляць па-індзейску, але ўсё разумеў.