Гэта старонка не была вычытаная
Дзе па-над стрэхаю рагоча,
Мяне спаткаўшы, вецер-хват.
Я з ім па краю пранясуся
І прывітаю вольну шыр,
І песьняй ліры памалюся
На незасеяны пустыр.
На сенажаці паначую:
Там буду коняй вартаваць…
Расклаўшы вогнішча, хачу я
Начлег мінулы ўспамінаць.
Дзіцячых год вярну я гульні
Скакаць я буду праз агонь,
Пакуль ня спудзіцца вадгульлем,
На небе месяц — белы конь.
Нясьпелым жытам сінявокім,
Як родны сын, а ня чужы,
На мора траў пайду далёка
З касою вострай па мяжы.
Там ліры гук і посьвіст косаў
Злучу ў адзін нячутны хор.
І на балоце сьлед мой босы
Прыгожы вытапча узор.
Ад зморы соладка спачыну,
На сене сьвежым задрамлю,
Як неба ў чорную аўчыну
Зашые сонную зямлю.