Старонка:Завіруха (1929).pdf/133

Гэта старонка не была вычытаная

ВЯСНУ ПЯЮ

Зямлю цалуе неба сінь
Сваім чырвоным сонцатварам,
І песьню ночы „ква-кум-бінь“
Пяюць мне сонныя выгары.

У высі зорак сенажаць
Вартуе месяц — дзед двурогі,
Ня хоча раніцу спаткаць,
І лесам хмар ідзе бязногі.

Капліца белая, як здань,
Ў тумане плавае за вёскай,
І сонцам спужаная рань
Прысела зайцам за бярозкай.

Дзяньніцы зірк на небе стух,
Вясковых хат дымяць галовы,
У лапцях з пугаю пастух
Трубою плача на каровы.

Пяе у полі хор калёс,
Як старац з ліраю разьбітай…
Загоны вузкія авёс
Убраў зялёным аксамітам.