Старонка:Завіруха (1929).pdf/20

Гэта старонка не была вычытаная

А Я ІДУ…

Шалёны вецер сьвішча ў полі…
Маланка зьзяе… гром грукоча…
А я іду… Слабею з болі.
Мо‘ не дайду туды ніколі,
Але ў няволі жыць ня хочу.

Ў зімову сьцюжу сьнег заносіць…
Ня бачу сьвету ў завірухах…
Але наш край свабоды просіць,
І сын яго хай гора зносіць,
Хай моцны будзе целам, духам.

Я сын яго. Дзіця я працы,
Такіх, як я — нас шмат — мільёны;
Мы зможам ворага ў палацы…
А вы рагочаце, паяцы,
І кажаце, што я — шалёны.

Шалёны, кажаце, шалёны,
Як вецер той, што ў полі сьвішча…
Затым, што там, дзе плач і стогны,
Ня біў я ворагу паклоны,
А справіў сьмерці баль-ігрышча.