Годзе пець песьні нам сумныя, нудныя,
Краю даволі ўжо сьлёз!..
Ўжо прамінулі няўзгоды пакутныя, —
Плачам ня зьлечым свой лёс.
Дні паднявольныя болей ня вернуцца;
Эх, не надзенуць нам пут…
Хай хто паважыцца, хай хто намерыцца —
Сам імі будзе ён скут!
Помста мінулых дзён катам і ворагам,
Больш не пацерпім мы слот:
Ў бойку рашучую выступіць зможам мы, —
Наш прабудзіўся народ.
Волю здабытую кроўю ахвярамі,
Хай хто захоча адняць…
Край наш зруйнованы бойкай, пажарамі
Болей ня будзе стагнаць.
..........
Толькі шкадуе нас сонца агністае,
Сьвеціць цалюткі нам дзень,
Грэе гушчары, балоты імшыстыя
Новы яскравы прамень.
|