Старонка:Завіруха (1929).pdf/58

Гэта старонка не была вычытаная

У ДАРОЗЕ

Йду цярністым шляхам між лясоў краіны,
Полем камяністым, порасьлем балот…
Сьлед мой застаецца, сьлед мой не загіне,
Хоць яго і топча захад і усход…

Я іду і бачу, як красуе жыта,
Што калісь пасеяў бацька мой і дзед;
Пауздоўж дарогі шмат яго пабіта,
Нібы тут таптаўся людзей цэлы сьвет.

Бачу і ярынку — шоўкам сьцеле поле,
Там, дзе ўчора слаўся воблакам дзірван,
Бачу свайго брата — ходзіць ён паволі,
Сам сабе ня верыць, што цяпер ён пан.

Што ён пан вялікі сваёй шчырай працы,
Што сабе пажне ён сьпелы свой загон,
Што сабе будуе ён цяпер палацы,
Што ужо ня прыдзе цяжкі той прыгон.

А над галавою — сьпеў я птушак чую,
Сьпеў вясёлы, гучны, што ня родзіць сум.
І пакуль у небе вокам іх вартую,
Ў голаву прыходзіць шмат салодкіх дум.