Старонка:Завіруха (1929).pdf/80

Гэта старонка не была вычытаная

ЗВОН

Зазвані моцна, звон, загудзі,
Каб пачулі цябе на ўвесь край,
Беларуса хутчэй разбудзі,
Хоць цяпер яму спаць ты ня дай!

Прышоў час, калі сорамна спаць;
Ўсе так шчыра за працу ўзялісь,
Ўсе жыцьцё пачалі будаваць,
А ты сьпіш… Хоць ад звону прасьнісь!

Паглядзі, як сусед пачаў жыць,
Што нядаўна нявольнікам быў.
Ён ня спаў, — і цяпер ён ня сьпіць,
Усім кажа, што ён яшчэ жыў:

А чаго, беларус, ты маўчыш?!
І табе годзе, братку, драмаць:
Калі можна гукаць — ты маўчыш,
Каб пасьля ня прышлось шкадаваць…

Кінь сароміцца мовы сваёй,
Зваць сябе беларусам пачні,
Папрацуй над сялібай сваёй,
А пасьля з ціхатой адпачні!..