Старонка:Завіруха (1929).pdf/82

Гэта старонка не была вычытаная

ДА ПРАЦЫ

Волі прыждала ты, маці-краіна,
Вышла на шлях ты з цямноты.
А у сыноў тваіх гнецца ўсё-ж сьпіна,
Працы нямала гаротным.

Глянеш вакола — сэрца захватуе…
Колькі ‘шчэ трэба нам сілы:
Хата старая, стрэхі садратыя,
Хлеў аж хістаецца згнілы.

Вокам акінеш родны палетак, —
Дзёрнам зрасьліся загоны…
Хопіць тут працы для нас і для дзетак,
Хоць і працуй без паклону.

Працу даўно тут ужо распачалі:
Бачым між дзёрну разоры…
Ў час і няволі таксама аралі,
Нібы краты свае норы.

Час той загінуў, ня трэба хавацца,
Кожны працуе на волі…
Выйдзема, хлопцы, ўсе, выйдзема, братцы,
К працы вялікай на поле!