Старонка:Завіруха (1929).pdf/93

Гэта старонка не была вычытаная

З СУЧАСНЫХ НАСТРОЯЎ

… Калі настрой душы маей
Кране па струнах ліры гучнай,
У даль ляціць акорд сьмялей,
Які з поэтам неразлучны.

І гэтай песьні адгалос,
Які у полі віхрам скача,
Убачыць шмат на сьвеце сьлёз
А сьлёз маіх — ніхто ня бачыць.

Хачу я пець на новы лад,
Каб гук ляцеў вясёлай песьні…
Сьпяваю сумна, рад-ні-рад,
Хоць сонца й сьвеціць на прадвесьні.

Хачу я пець пра кветкі, май,
Пра погляд зорак з небасхілу…
Зірну наўкола там, дзе гай,
Чарнее поле ад магілаў.

Крыжы стаяць — пакуты знак —
Там ціха сьпяць байцы за волю…
Мільёны дзетак-небарак,
Там між магіл шукаюць долю.