Старонка:Завіруха (1929).pdf/95

Гэта старонка не была вычытаная

ПЕСЬНЯ ЛІРНІКА

Старац-лірнік на прызьбе сядзеў,
Пад вакном мужыка беларуса,
Навёў струны і песьню запеў
Пра мінулыя часы прымусу.

Як калісь тут, на нашай зямлі,
Йшло за волю і веру змаганьне,
Панскі зьдзек як сьцярпець не маглі,
І паднялі казакі паўстаньне.

Як з касою, з сякерай ў руцэ
Пагарджаны народ сабіраўся,
Між балот і лясоў, па рацэ
У казацкі ён стан гуртаваўся.

Як той стан стаў усіх вызваляць
З ланцугоў і чужацкай няволі,
Стаў суда ён і праўды шукаць,
Стаў шукаць для людзей лепшай долі.

Ў яго песьні я чуў імяны
Ваякоў-атаманаў казацкіх,
Што з адвагаю білісь яны,
Як Небаба… Антон Галавацкі…