„За гарамі горы хмарамі павіты, Пасеяны горам ды крывёй паліты; Спакон веку Промэтэя там арол карае, Штодзень дзяўбе яго робры, сэрца разрывае“…З народнай песьні аб Промэтэю.
Калісь у старажытнасьці багі Алімпа
К скале, марскі што грэбень абмываў,
Так моцна прыкавалі Промэтэя,
Што нярухома ён, як-бы мярцьвяк ляжаў.
Як толькі ён, зьнямеўшыя ад болі рукі й ногі
Хоць крыху рупіўся заварушыць,
Яго пакутай злоснаю каралі.
Здавалася, што надта мала будзе ўжо ён жыць,
Як толькі ён хацеў падаць свой голас,
Яны хутчэй яму сьціскалі рот.
І хоць ён люду мілы быў, бо даў сьвятло жывое,
Але атратаваць яго бязмоцны быў народ.
І думалі памсьлівыя багі Алімпа,
Што ўмацавалася улада іх навек.
Але свае астатнія напружыў сілы
Магутны гэты чалавек —
І затрашчэлі і рассыпаліся з звонам,
Трымаўшыя яго так моцна ланцугі,
І вось, на дзіва ўсяму сьвету, вольны
Пакінуў ён марскія берагі.
|