Старонка:Заранкі (1924).pdf/28

Гэта старонка не была вычытаная

Злучайцеся шчыльна, краінаў народы —
Грамады працоўных людзей!
Сьвяткуйце вялікае сьвята свабоды, —
Хай гімн ваш ліецца з грудзей!

|}

БЕЛАРУСЬ.

Як люблю я цябе,
Беларусь ты мая,
І як дорага мне
Ўся аздоба твая!

Вось я полем іду,
Што зіхціцца расой,
Я любуюся тут
Нашай роднай красой.

Ў небе скрозь ясната,
Няма воблачка ў ім.
Вабіць душу маю
Даль блакітам сваім.

А на ўсходзе здалёк
Палыхае пажар.
Сонцу гімны зьвіняць, —
Колькі ў гімнах тых чар!

З сэрца водгук ляціць,
Душа рвецца туды —
К небу сінему, ўдаль
Ад жыцьцёвай нуды…

Во я ў гай увайшоў:
Тут журчыць ручаёк,
Зеляніна ўвакол,
Сьпеў нясецца здалёк.

Вунь бярозкі стаяць
Беласьнежняй гурмой,
Упрыгожаны дол
Аксамітам — травой…