Вось куляй агністай,
Зарой прамяністай
Ужо сонца зірнула на сьвет.
Пажарам зазьяла,
Усюды паклала
Яскравы ажыўчы свой сьлед.
Вышэй узьнялося,
Ў агні убралося
І зьяе пурпурам сваім.
І цешацца краскі
Ад сонечнай ласкі,
Бо шчасна ад сонейка ім.
Рака залаціцца,
У хвалях бруіцца
Магутная чырвань — сьвятло.
Сьмяецца прырода —
Ня знае нягоды,
Бо сонца на неба ўзышло!
Зьвіняць лапатушкі —
Свой гымн пяюць птушкі
Прыроды асілку — цару,
Ўсіх сілаў вялікіх,
Ўсіх сьветаў бязьлікіх
Магутнаму гаспадару.
Блакітнае неба,
Ўнізу зямля-глеба
Моц новую чуюць сваю
І сонцу, сьвятаньню
Шлюць песьню-вітаньне
Ў асьветленым сонцам краю…
Гэй, людзі, ўставайце
І сонцу сьпявайце!
Хай гымн ваш ліецца званчэй.
|