Старонка:Заранкі (1924).pdf/98

Гэта старонка не была вычытаная

Не шчабечуць ужо болей
Птушкі звонкія ў палёх,
І ня лётаюць вясёла
Матылёчкі на лугох.

Няма кветачак у полі,
Не красуе васілёк
І ня зьяе пазалотай
Поле жытняе здалёк…

Ня журыцеся вы, дзеткі:
Зноў к нам вернецца вясна,
Зноў цяпло, сьвятло і кветкі
Прынясе з сабой яна.

|}

СЬНЯЖЫНКІ.

Лётаюць, сыплюцца
Зоркі-сьняжынкі —
Лёгкія, белыя,
Быццам пушынкі.

Роўна так сьцелюцца
Ў вёсцы і ў полі,
Круцяцца, кружацца
Важна, паволі.

Шумна гуляць будуць
Дзеткі ў дагонкі;
Хутка пачуецца
Голас наш звонкі.

Жыва мы зробім тут
Новыя сьцежкі,
Гурмай гуляць выйдзем
Весела ў сьнежкі.