ЯКІМ. Паслухайце толькі мяне, пане Сьцяпане!..
СЬЦЯПАН. Вон! — і чуць цябе не хачу, каханенькі родненькі, падла ты гэтакі!..
ЯКІМ. Адзін, апошні раз паслухайце толькі мяне — і даю вам слова, што больш ніколі не пераступлю парогу вашай хаты.
СЬЦЯПАН. Вон, кажу табе, пакуль я добры!
АЛЬЖБЕТА (супакайвае мужа, цягне яго да лавы і содзіць). Паслухай-жа чалавека, калі хоча табе сказаць нешта…
ЯКІМ. Пане Сьцяпане! Крыўду вялікую мне робіце, паночку! Я вам зла ніколі ніякага не зрабіў…
СЬЦЯПАН (бармоча з іроніяй пад нос). Зла ніякага не зрабіў!.. Гм…
ЯКІМ. Але! Ніякага вам зла не зрабіў, — наадварот, заўсёды паважаў вас і любіў, як роднага бацьку. Любіў вас дзеля таго, што палюбіў вашу дачку ўсей душой, так як ніколі яшчэ не любіў і нікога ўжо больш так любіць ня буду… Паўліна таксама любіць мяне…
СЬЦЯПАН. Пабачым! Я ей гэтае каханьне выбью з галавы!..