СЬЦЯПАН. А хто-б аб ім маркоціўся! Хай ён згіне-прападае гэтая падзікварта праклятая! І не ўспамінай больш аб ім, сват, бо злавацца буду, каханенькі!
ПРАНЦІСЬ. А, добра што ўспомніў!.. Есьць кварта, пане добрудзею! (выцягвае з-за пазухі бутэльку). Ну, трымайся, сват! (пье і дае Сьцяпану). Свацейка, хадзі й ты да кумпаніі, выпьем хаўтурнага па пану Быкоўскім. (Паўзіраецца па хаце і раптам пабачыў Якіма да Паўлінку). А!!! а гэты… гэты як-жа, пане добрудзею, сюды папаў?
СЬЦЯПАН (крыху засароміўшыся, ня ведае што адказаць). Ён… бачыш, каханенькі-родненькі, таго… знакам тым…
АЛЬЖБЕТА. Якім Сарока вось пасватаўся за нашу Паўлінку.
ПРАНЦІСЬ. А вось-цо-да, пане добрудзею… Калі так, дык трэба, сват, рабіць запоіны!.. А покуль што… (да жонкі) гэй, баба! цягні з возу яшчэ пляшку, там у мяне ў саломе пад сядзеньнем зарыта.
АГАТА. А табе, ты мачыляпа пракляты, каб толькі была аказія напіцца, тудэма-сюдэма! (выходзе).
ПРАНЦІСЬ. Глупства, глупства, пане добрудзею, вось-цо-да! А цяпер трэба выпіць за здароўе маладых. Ці смутак, ці радасьць — гарэлка ніколі не зашкодзіць!.. Ну, дык каб ім добра жылося і… вось-цо-да! (пье).
АГАТА (уваходзіць з бутэлькай; да Сьцяпана). А народу-ж, сваток, сабралося шмат каля