тваей хаты — з усей ваколіцы… Пытаюцца, ці праўда, што Якім пасватаўся за Паўлінку. Ня важацца зайсьці… Вось гляньце праз вакно!
СЬЦЯПАН. Альжбета! Кліч усіх у хату… (падыходзіць да вакна). Хадзеце-ж, хлопцы, чаго да вакна прыклаліся, хадзеце ў хату!
АЛЬЖБЕТА (пры дзьвярох). Хадзеце, родненькія, да нас! паскакаем ды пасьпяваем крыху.
Зьява 11.
Тыя-ж і хлопцы ды дзяўчаты (уваходзяць).
ЯКІМ (да Паўлінкі). Я чуў, што ўчора, Паўлінка, ты скакала тут лявоніху з панам Быкоўскім, а цяпер пойдзем са мной. Манчыза я ня ўмею, а родную лявоніху патраплю ня горш за іншых. (Да музыкаў). Гэй музыкі! Грайце лявоніху!
(пяе):
Вось, Паўлінка, ты цяпер ужо мая,
Скончылася наша гора і бяда.
У каханьні перашкод ужо няма,
Багаславіла нас бацькаўска рука.
ПАЎЛІНКА (пяе:).
За нікога з іншых замуж не пайду,
Бо хлапца аднога толькі я люблю.
А хлапец той, маладзец той, мой Якім,
Я шчасьліва буду толькі з адным ім.