Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 1.pdf/114

Гэта старонка не была вычытаная

ЗМАГАЙСЯ!

Мой браце, змагайся
З нядоляй, з бядою!
Ні крыўдзе ня дайся,
Ні суму у настроі!
Пакоры, цярпеньню
Упарта спрачайся,
Да волі імкненьнем
Гары — разгарайся.
Адважна заўсюды
Наперад дарогай
Праз ямы, праз груды,
Вядзі з перамогай.
Адкрытыя ўзрокі —
У сьветлыя далі!
Хай бляск іх далёка
Разгойдае хвалі
Ваяцкай адвагі,
Сталёвага гарту!
Балючыя скаргі
Раздуй у пажар ты.
Цярпеньня людзкога
Ўскалышаш падпоры.
Жыцьцё там — дзе змога.
Дзе сьмерць — там пакора.

Пецярбург, 1913