Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 1.pdf/117

Гэта старонка не была вычытаная

ДРУЖНА З АХВОТАЙ…

Дружна з ахвотай,
Гэй, за работу,
Брацьця, скарэй!

З песьняю зычнай
Ў працы прывычнай
Будзе спарней.

Гора з нядоляй
Ня знойдуць патолі
Болей сродзь нас;

Весела й хутка,
Мінута ў мінутку
Сойдзе нам час.

Ў стуку і груку
Забудзем мы муку
Працы сваёй.

Шчыра і сьмела
Гайда да дзела
Цеснай сям‘ёй.

Там, дзе цярпеньне
Родзіць імкненьне —
Стане расьці

Семя жывое
Шчасьця людзкога
Ў нашым жыцьці.