Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 1.pdf/123

Гэта старонка не была вычытаная

НЯ СУМІ, БРАТ!

Ня нудзі, брат, суніміся,
Пад нядоляй ня хіліся,
Ня спускай к зямлі вачэй,
Думак рэзвых не даві;

Што як будзе — ня пытайся,
Ўздумных страхаў не лякайся
І падмогі не заві —
Не глядзі на змрок начэй.

Цьвёрды крокам — ўперад мкніся,
Палкай верай маладзіся,
Ўзрок угору паднімі,
Дыхай поўнымі грудзьмі.

Тады ўбачыш прад сабою,
Як жыцьцё кіпіць ракою,
Б‘юцца хвалі ў берагі.

Як аджыўшае ўмірае —
Сіле новай шлях ўступае
І заве у сьвет другі

Тых, хто прагаю багаты,
Хто няволі разьбіў краты
І змрок ночы разагнаў.
Хто заўчэсьне, у пору ўстаў…