Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 1.pdf/15

Гэта старонка не была вычытаная

цэс, і прытом процэс, які разьвіваецца з супярэчнасьцю. Выходзячы з такіх поглядаў на жыцьцё, як дыялектычны процэс, поэта трапна асьвятляе некаторыя вобразы прыроды. Напр., колькі поэтаў апявалі восень, як сумную пару году! Накідваць на восень змрочны флёр жалобы зрабілася свайго роду трафарэтам у поэзіі. У беларускай творчасьці, напрыклад, Алесь Гарун рысуе восень заўсёды ў змрочных фарбах, гаворачы аб ёй:

Восень халодная, чорная, хмурая
Сунецца ціха, нячутна штодзень.
Хварбы наўкола паклала панурыя,
Сонца хавае за чорную цень.

Янка Купала зьвяртаецца да восені з такім трагічным зваротам:

Восень панурая, восень маўклівая
Страшна ты чуткаму сэрцу душы.

У расійскай поэзіі нават Пушкін, для якога, як вядома восень была ўлюбёнай парой году, які называў яе „очей очарованьем“, сьпяшаецца дадаць і другі сумна-контрастны эпітэт: „унылая пора“.

Для большасьці поэтаў восень — гэта нібы спыненьне жыцьця. Для Цішкі Гартнага, які бачыць у прыродзе бязупынны рух, бязупынны процэс разьвіцьця з супярэчнасьцяй, восень — толькі адна з доўгага ланцуга супярэчнасьцяй; поэта піша:

Мне кажуць: восень — заміраньне,
Жуды глыбокай час ўрачысты…
А я кажу: хто глыбей гляне,
Той жыцьця ўгледзіць промень, іскры!

І ў цэлым шэрагу папярэдніх вобразаў зялёнай руні палёў, „хмар мяккіх“, „шоўку шамкага“, „пухкіх лісьцяў“ і г. д. пясьняр выяўляе гэты жыватворчы промень.

Але, бачачы ў жыцьці прыроды такі бязупынны процэс, Цішка Гартны бачыць у ім цесную органічную сувязь паасобных частак ды зьяў. У гэтай галіне, як і заўсёды, поэтычныя вобразы становяць сабой вынік пэўнай сыстэмы сьветаадчуваньня песьняра, якое абумоўлена яго соцыяльнай прыродай.