Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 1.pdf/227

Гэта старонка не была вычытаная

КРАСУЙ, ЗБОЖЖА!

Красуй, збожжа майго краю,
Каласісь багата!
Жджэ за працу ураджаю
Ад цябе араты.
Хлебароб, аддаўшы сілы
Свайму полю-ніве,
Усьміхнецца табе міла,
Што ты урадліва.


∗     ∗

Красуй, збожжа майго краю,
Каб зярно зьлілося
У адплату аратаю
Ў ядрыя калосьсі!
Сонца, з неба шлі праменьні,
Залаці чароўна!
Ў землю кінута насеньне
Ўродзіць колас поўны.


∗     ∗

Красуй, збожжа майго краю,
Убірай палеткі!
Хай з табою аратая
Весяляцца дзеткі.
Плён за працу верне ніва —
Ўцешыць думкі, вока,
Як паўныя вазы жніва
Пагрымяць да току.

Вількамір, 1910