Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 1.pdf/234

Гэта старонка не была вычытаная

Але між гэтым пот і кроў,
І стогн, і енк, і мукі жалю
Даўгіх гадоў, цяжкіх вякоў
З сябе адмшчэньне выплаўлялі.

З сакрытых стул, з нябачных шчэл,
Што дзень мінаў — яно ўставала,
І сотні душ і сотні цел
Жалезнай сілай гартавала.

Ад шэрай стоптанай зямлі,
Ад потам вылітага долу
Пачаў сягаць да вышыні
Парыў разбуджаны, вясёлы

І з-пад навісшага цямна
Ўсачыў працоўнік бляск далечы
Ды гук падаў: „Вось там яна,
Краіна вольнасьці адвечнай!“

Падаў і рушыў ў грамадзе,
Бы хвалі морам ў подых буры…
І грымнуў гром яго падзей
Ды зьняў з жыцьця выраз пануры.

Яно ўсьміхнулася, як дзень
На ўзьмежжы цёмнай доўгай ночы,
І краю шлюбны перасьцень
І валь адзела падвяночны

Гартуй-жа сілы, ўстаўшы Сфінкс!
Хай попел вецер вольны сее…
Няволі доўгай рабскі чынш
Зьнялі ўжо рукі Промэтэя.

І паліць жар яго агню,
Што з мук гвалтоўных выбіў крэмень
Чырвоны золак таму дню,
Які зганяе ўзьвечны цемень…

Менск, 3-I 1923

|}