Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 1.pdf/258

Гэта старонка не была вычытаная

II

разьліў

Шырыцца промінам, бляскам расьце,
Вогнішчам зыркім палае,
Іскры вакол раскідае,
Ў змрочных кутох, ў цемнаце;
Духам чароўным зьнішчае пакор —
Гэту нявольнічу хворасьць —
Ў сэрцы раняе бадзёрасьць
Рвацца з турмы на прастор.
Рве ланцугі, што скаваў іх прыгон,
Глушыць нядолю, стагнаньне,
К помсьце за мукі, к паўстаньню
Вокал гучыць яе звон.
Й там, дзе зароніць яскравы прамень
Й там, дзе прайдуць яе крокі!
Змрок непраглядны глыбокі
Ў міг абяртаецца ў дзень…
Ў бляску маланак, у груку пярунаў
Гінуць да волі прашкоды…
Гэтак для сьвету Свабода
Людзям раджае Комуну!