Гэта старонка не была вычытаная
III
пазыў
З павіслых склонаў небасхілу
На ўступы роўныя разлогаў
Сплылі праменьні й апалілі
Абшары вокал і дарогі.
Па ўзьвівах вузенькіх сьцяжынак,
Прабітых босаю ступою,
Пукі палаючых іскрынак
Пабеглі хуткаю ракою.
І ўсе куткі і ўсе прытулкі
Сьвятлом палаючым абмылі,
Ўзбудзіўшы пэнт жыцьцёвы, гулкі,
Узьняўшы рух людзкі на крыльлі.
Ў празрыстым вобліку паветра,
Бы ў люстры, чырвань заіграла,
Што з кроўю згубленаю ў нетра
Зямля халодная ўбірала.
І вострасьць тонкая праменьняў
Хапіла каплі для укола,
Й людзкія душы, іх цярпеньне
Наскрозь рашуча пракалола.
Менск, 20/IV 1921