Ўзышоў месяц і паўкругам
Ў цёмным небе засьвяціўся,
Па дубраве і над лугам
Срэбным променем разьліўся.
Ў зачарованым адзеньні
Сьпіць трава і сьпяць кусточкі,
І замёрлі ў шалясьценьні
Руцяністыя лісточкі.
Ўкрадкай, ціханька гамоне
Мовай сьвежай і рачыстай,
Нібы грае, нібы звоне,
Ручаёк вадою чыстай.
І ні песьні, і ні зыку
Круг-вакол не раздаецца.
Нямой сьцішы зыркім блікам
Месяц весела сьмяецца.
Капыль, 31/X 1912
|