Бліснулі павабныя думкі — хаценьне выйсьці з пакою і накіравацца не ў завод, ня ў дым, дзе смурод, а на вакзал, дзе стаіць нарыхтаваны да адпраўкі ў Ліцк цягнік. Лясы і поле, паплавы з зялёнаю атаваю, жанцы з іх песьнямі, матляньнем жытніх каласоў, белы лунь над капусьнікамі, а пасьля нечаканае і таму глыбока натхнёнае спатканьне з мацераю, таварышамі… з Зосяю“. („На перагібе“, стар. 186—187).
У Рызе Рыгор Нязвычны жыве дваістым жыцьцём: грамадзкім і асабовым. „Рыгор — кажа аўтар пра гэта — марыў перш усяго аб шчасьці агульна-людзкім, як чалавек ідэі, як шчыры пасьлядовец рэволюцыі. Але тым самым ён ня цураўся лепшага жыцьця для сябе самога. Праўда, яно бачылася яму ў асаблівай форме, асаблівым зьмесьце“. („На перагібе“, стар. 204). Так, Рыгор Нязвычны — барацьбіт-рэволюцыянэр; як такі, ён шукае новых соцыяльных форм і адначасна, відаць, шукае новых форм асабовай моралі; ён адкідае мяшчанства і, шукаючы асаблівай формы і асаблівага зьместу свайго індывідуальнага існаваньня, жыве напружаным эмоцыянальным жыцьцём; на працягу двух месяцаў ён перажывае тры романы.
Вобраз Рыгора Нязвычнага, такім чынам, двоіцца: ён — прадстаўнік рабочай клясы, сьвядомы ўдзельнік вызваленчага руху, сьвядомы змаганьнік; у даных адносінах перад намі пэўны грамадзкі тып. Але, з другога боку, Рыгор Нязвычны стаіць перад намі ў постаці нейкага пераможніка над жаночымі сэрцамі.
У канчатковым выніку вобраз Рыгора ня мае суцэльнасьці: грамадзкі ды індывідуальны бок яго істоты цяжка пагадзіць паміж сабою. Да гэтага трэба дадаць яшчэ, што, спыняючыся падрабязна на абмалёўцы асабовага жыцьця свайго героя, аўтар часам дае нам эротычныя зарысоўкі, ён любіць маляваць праявы інстынкту ў яго аголеным выглядзе (сцэна ў Лужкох, спатканьне з Ганнай ды інш.).
Композыцыя роману вызначаецца расьцягнутасьцю. Агульная пабудова яго эпізодычна-„ступенчатая“, з асобай галоўнага героя ў цэнтры, вакол якога і групуецца большасьць