эпізодаў. Пісьменьнік мала клапоціцца аб тэлеолёгічным адборы гэтых эпізодаў; наадварот, ён імкнецца з нейкай эпічнай паўнатой абрысаваць усе драбніцы жыцьця, спыняючыся нават на падрабязнай абмалёўцы звычайных фізыолёгічных процэсаў, як сон, яда ды інш. Вельмі часта малюнкі ў романе разьвінаюцца на падставе асоцыяцыі сумежнасьці. Апісаўшы, напрыклад, прыезд Рыгора на станцыю, аўтар спыняецца на такіх драбніцах, як пакупка білету, уваход у вагон ды інш.; потым, пакінуўшы свайго героя ў Рызе, ён лічыць патрэбным затрымацца на апісаньні звароту Сёмкі да Сілцоў. У выніку — перавага статычных мотываў і брак мотываў дынамічных, выбуховых.
Значны крок наперад становіць сабою апошні зборнік Цішкі Гартнага „Прысады“.
Тэматыка зборніка зьвязана з сучаснасьцю: перад намі сапраўды шырокі гасьцінец нашага бурлівага жыцьця, прычым мы бачым, як абапал гэтага гасьцінца, замест старых прысад, падымаюцца парасткі новага. Перад намі, бы жывыя, праходзяць розныя тыповыя пэрсонажы, выхапленыя з вакольнай сучаснасьці. Вось, напрыклад, скромны працаўнік, начальнік райміліцыі, самаахвярна адданы сваім абавязкам: тут і мары аб новых прысадах, і прыём у канцылярыі, і барацьба з бандытызмам і, урэшце, раненьне пры паездцы ў шляхецкі засьценак („Прысады“). Другі аналёгічны вобраз — партыец адданы будаўнічай справе да забыцьця асабовага („Чапіла душы“). Або, вось, два сябры, дзьве процілеглыя натуры: адзін разумны, асьцярожны, другі эмоцыянальны, палкі і рашучы, — два процілеглыя псыхолёгічныя тыпы, але ў абодвух адна мэта, адзін ідэал — служэньне рэволюцыі („Таварышы“). На зьмену гэтым пэрсонажам выступае скромная фігура вясковага працаўніка, які, ня гледзячы на ўсе перашкоды, дабіваецца свае мэты, правіць млын („Свае блінцы“).
Можна сказаць, што сучаснае савецкае будаўніцтва становіць сабою лейт-мотыў усяго зборніка. Цішка Гартны ўмее ў нашым штодзенным жыцьці бачыць захованы рытм новага будаўнічага жыцьця. Гэты рытм выяўляецца ім ня толькі