Мне сэрца раніла страла
І каплю яду зараніла.
Ці знойдзе сэрца маё сілу,
Якая-б рану зажыла?
Ці кроў гарачая ў хадзе,
Ў нястрымным вёрткім павароце
Атруты гэтай не зьвядзе
З нутра ў халодным лёгкім поце?
І будзе постаць, як раней,
Жывой бурліваю крыніцай
Паіць наніз маіх надзей
І сеяць думкі бліскавіцай?
Я чую-чую, хопе сіл —
Ў крыві гарачай многа жыцьця —
Разгорне дух мой цёмны пыл
Пры стрэчы к радаснаму выйсьцю.
Памкне нястрыманай ракой,
Бурлівай хваляю пагоніць
Пазыў да сонца; й буйны бой
Зноў сэрца палкае зазвоніць…
25/VII 1924
|