Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 1.pdf/49

Гэта старонка не была вычытаная

ПЕСЬНІ ГАРБАРА

I

Ах, як стрэлка марудна ідзе,
Бы знарок хоча час працягнуць!
І ня ведае болю грудзей,
Што дзяннога канца яны ждуць.
Нібы нехта трымае яе:
А ні ўперад, ні ўзад не сьпяшыць!
А так хочацца-хочацца мне
Ўжо работу сваю супыніць!
Цэлы дзень я за брудным сталом,
Цэлы дзень скуру цьвёрдую скроб,
Стаючы укапаным калом,
Я задушай атрутнаю соп.
Не глядзеў і ня бачыў нічуць,
Што там ёсьць на дварэ, за вакном:
Ці там ветры халодныя дзьмуць,
Ці зямля апавіта цяплом.
Навакола чатыры сьцяны,
А на іх заплясьнелая столь,
У сабе захавалі яны
Маю крыўду, жаданьне і боль.
Вось і вечар… цяпер я на міг —
На адзін — сабе волю найду,
Кіну-рыну усё і усіх
Ды у поле я к лесу пайду.