Будуйце, майстрове, будуйце хутчэй,
Вы гэтую новую хатку,
Цярпліва кладзеце фундамант мацней.
Хоць цяжка бывае спачатку,
Аднак ня сумуйце і ўсе грамадой
Пры песьні зычлівай, вясёлай,
Майструйце паважна сьцяну за сьцяной,
Ўзьнімайце іх вышай, ўсё вышай ад долу.
Сукі, крывізну абсякайце нашчэнт,
Хай шчыльна майструецца кладка,
І моцнаю будзе, як моцны цамэнт,
Нам гэтая новая хатка.
А ў хатцы у новай так люба пажыць
У вокны яе паглядзецца!
Сьвятло, што ад сонца ў яе забяжыць,
Утомленым сэрцам пап‘ецца.
І соладам хмельным пяройдзе нутром
Ажыўшая мара-загадка.
Будуйце, майстрове, сьцяну за сьцяной —
Будуйце вы новую хатку.
Фундаманту ў меру прарыты равы,
На камені ляжа падруба.
Глядзеце на вытвар, што строіце вы,
Дзівуйцеся толькі, як люба!
|