Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 1.pdf/98

Гэта старонка не была вычытаная

ТАВАРЫШУ

Ці ты бачыў, як па моры
Пойдуць хвалі чарадою?
Як ў разгойданым напоры
Б‘юць у бераг ў час прыбою?
Мора пеніцца і зьліцца,
Нясупынна коціць валы,
З дзікай злосьцю прагне біцца
Сілай ўздыбленаю ў скалы.
Каб зьвярнуць усе цьвярдыні,
Зруйнаваць усе прашкоды
Ды, разьліўшысь па раўніне,
Задаволіцца свабодай.
Але моцна стаяць скалы,
Адбіваюць ўсе напоры
Буйных хваляў, дзікіх валаў,
Што іграе імі мора…
Так і ты, таварыш мілы,
У жыцьці будзь нібы скалы
І адважна, поўны сілы,
Ваюй з бураю-навалай.
Аб цьвярдыню гардай волі
Разьбівай бяды напоры
І ў барбе за шчасьце й долю
Спыняй мора, зрывай горы.

Пецярбург, 1914