Ахрэм паслухаў Анупрэя, увесь час гледзячы яму ў твар і ловячы ў ім трывогу ды раскаяньне, пачакаў крыху і суцешна адказаў:
— Я сазнаю ўсё… Ласьне, думаеш, мне невядома тваё становішча? Тут цяжка ўстаяць… Я ўчора казаў сваёй жонцы: маўчы, тут не злачынства і ня здрада, а вымус жыцця…
Анупрэй павесялеў, крыху сьцешыўся і задаволена дадаў:
— Я й ведаў, што ты справядліва рассудзіш. Але прасіцьму цябе, пераканай, браток, і другіх, калі яны паднімуць на мяне лаянку… Ёсьць-жа ўсякія людзі!..
— Я ня веру, каб хто што нядобрае падумаў на цябе… Ды ніхто й ведаць не павінен… Я, вось, і сам прыйшоў да цябе зусім не па гэтым… Я, ведаеш, хачу запытаць у цябе, ці нельга было-б дастаць у цябе пілкі? Думаю пайсьці ў лес паставіць якую шурку дроў, пакуль гуляю… А ў цябе, здаецца, была пілка…
— Так, ёсьць недзе… я выскачу ў сенцы…
Анупрэй намерыўся йсьці, але знадворку стукнулі дзьверы, і ён спыніўся.
Пачакаў: у хату ўвайшла Луцэя.
— Дзень добры! — прывіталіся з Ахрэмам, падазрона кінуўшы на яго порсткі пагляд.
— Адкуль так рана? — запытаў Анупрэй.
— На места бегала… Хлеба ня было ў хаце, — сухім голасам, не азіраючыся на Ахрэма, адказала Луцэя.
І, спусьціўшы хвілінку, дадала:
— Але, здаецца, рана, а людзі ўжо пасьпелі даняць.
Мужчыны настарожана паглядзелі ў бок Луцэі.
— У чым справа? — разам запыталі.
— Усё ў тваім паступку… штрэйкбрэхэрам завуць. Сустрэла Кастуся Вілку і Боруха… Абудва з пенаю ў роце накінуліся на мяне…
Анупрэй зьбялеў ні-то ад сполаху, ні-то ад злосьці і, як-бы шукаючы падмогі, павярнуўся да Ахрэма.
— Чуеш, брат?