абодвым траплялася йсьці гэтым гасьцінцам, глядзець і любавацца прыгожасьцю родных вобразаў. Праўда, цяпер, пасьля вялікіх перамен, зьвязаных з перажытым, многа чаго ў вобразах зьмянілася. Дубраўкі й гайкі высечаны, толькі зрэдку сіротамі стаяць адзінокія дубкі ды бярозы. Здаецца нават, што й шмат якія вёскі згінулі, а якія засталіся ляжаць ціха, спакойна, прытуліўшыся да зямлі, каб ня быць прымечанымі. Аднак смутак акалічнай мясцовасьці не перашкодзіў Грэбеням перайсьці да ажыўленае гутаркі.
— Гарасім, браток, скажы-ж ты мне, адкуль ты трапіў сюды? — неяк нерашуча пачаў Несьцер.
Гарасім зрабіў мяккую міну на твары, паглядзеў на брата і адказаў:
— А як ты думаеш?
— Як думаеш? Як ты цяпер будзеш думаць! Усё шыварат-навыварат цяпер робіцца. Столькі ўсякае прымхі, столькі выпадковасьці, што губішся ў іх дашчэнту. Хацеў-бы думаць так, хацеў-бы гэтак дагадвацца, а глядзіш, яно зусім іначай складаецца. Так і гэта. Як я магу думаць? Я баюся думаць…
— Праўду, браце, кажаш; зусім праўду. Ніколі табе не дагадацца, які што са мною траплялася апошнімі гадамі, і якім выпадкам я папаў сюды, каб сустрэцца з табою. А цікавага так многа, што табе ня лішне будзе паслухаць.
Несьцера забрала цікавасьць. Ён крыху памаўчаў. Потым сьцішыў хаду і сказаў брату:
— Гарасім, давай перакусім чаго-небудзь, а тады ты мне ўсё раскажаш аб сабе і аб сваім жыцьці.
— Вось трэ’ пашукаць на чым сесьці.
Яны ўваходзілі ў лясок. Шугаўшы зьлёгку ветрык заціх. Высокія абеленыя шэраняй, хвоі і густыя, лахматыя елкі стаялі ціхутка, нібы прытаіўшыся, нібы зачараваныя.
Абодва хадакі кінулі навокал вачыма і разам угледзелі з левага боку дарогі тоўстую бураломіну.
— Давай прысядзем, — сказаў Гарасім.
Яны зьвярнулі з дарогі, падыйшлі к лежаку, зьмялі з яго сьнег і паселі.