яла ў дваццаці вярстох ад Верацён. Гаспадары карчмы калісьці былі знаёмы абодвым братом. Калі яны й цяпер там жывуць, то можна разьлічваць паесьці і супачыць. Ды хоць і іншыя гаспадары — усё роўна карчма карчмою. І Грэбені ўскорылі хаду. Вышаўшы на ўзгорак, яны ўбачылі ў вокнах старой уросшай у зямлю будыніны цямлівы агоньчык. Зачуўшы іх набліжэньне, забрахаў асіпшым голасам карчомны сабака. Відаць было ім, як у стадоле адчыняліся вароты, і знадворку ў стадолу ўехала колькі падводаў. З коміна карчмы йшоў дым, які фарбаваўся ў чырвоны колер ад праглянуўшага на захадзе променьня. Ваддалёк карчмы, вярстох у дзьвёх зьлева, ляжаў засьценак.
— А як мы зробім, Несьцер, заначуем тут, ці пойдзем дадому, спачыўшы? Яшчэ цэлых дваццаць вёрст, а тут хто яго ведае, мо’ й небясьпечна? — запытаў Гарасім.
— Праўду табе сказаць, я ўжо ўтаміўся. Еду з Сэвастопалю і вось болей тыдню як не паспаў і не паеў палюдзку. Памойму, варта было-б супачыць, калі знойдзецца на чым. Гэта выгадней і таму, што мы прыдзем днём, а ня ноччу, — адказаў Несьцер.
— Нічога проці ня маю.
Яны падыйшлі к карчме. Сабака сьціх брахаць. Ля варот стадолы стаяла маладая яўрэечка і пільным поглядам аглядзела Грэбеняў. Несьцер з хвіліну ўпарта паглядзеў на яе, і ў яе твары ўгледзеў штосьці знаёмае.
— Можна зайсьці да вас? — дабрадушна запытаўся ён.
Дзяўчына ўхмыльнулася і мякка, гасьцінна адказала:
— Калі ласка!
— А мо’ й пераначаваць можна будзе?
— Там пабачым, — ахвотна адказала яна.
Грэбені ўверана адчынілі дзьверы й ўвайшлі ў карчму. Ім дыхнула густым цёплым паветрам, перапоўненым дымам. Была пятніца і зайшоў шабас, так што на стале гарэлі сьвечкі, і стары гаспадар карчмы, як пазналі яго з першага-ж погляду Гарасім і Несьцер, згорблены Шмуйла сьлібі-