заваў модлы. За сьценкаю ў каморцы крахцела яшчэ адно старое. Два хлапчукі, адзін ужо дзяцюк, і дзьве сталыя дзяўчыны бегалі з каморкі ў каморку. Лазіў па хаце і віляў хвастом пярэсты сабака, той самы, што брахаў на Грэбеняў. На лаўках сядзела з пяць сялян у жоўтых кажухох, падпяразаных саматканымі паясамі; усе яны трымалі ў зубах люлькі, маўчалі і пускалі на хату гібель дыму ад свойскага «багданчыку» і «мультану». Раз-по-разу сяляне азіраліся ў вокны і адзін другому нашэптвалі штосьці на вуха.
— Дзень добры ў хату!..
— Добры вечар! — паправіў Гарасім.
— Добры вечар! — адказаў Шмуйла, не пакідаючы маліцца.
Месца сядзець хапала, і абодвы Грэбені ўселіся.
— Ці нельга было-б папрасіць гарбаткі? — пераняўшы дзяўчыну, запытаў Несьцер.
— Можна, зараз, — адказала тая, мякка ўхмыльнуўшыся. Несьцер пачаў разьвязваць клунак. Гарасім моўчкі сядзеў і сачыў нязьмігутна за гарэньнем сьвечак.
Тымчасам Шмуйла кінуў маліцца і сеў за стол. Адна з дзяўчат падбегла к сталу, заслала абрус і пачала гатавацца к вячэры. Шмуйла адламаў кусочак хлеба і, жуючы, пачаў глядзець на хату.
Вочы старога, яшчэ зоркія і празрыстыя, шпарка бегалі па ўсіх бакох, не прапускаючы самых дробных рэчаў. Потым яго погляд спыніўся на Гарасіму, аглядаючы яго постаць зьверху ўніз. Шмуйла штосьці замармытаў, павярнуўся і сказаў:
— Ці я абмыляюся, ці то так і ёсьць: здаецца, ты будзеш Янкаў сын, Грэбеня?
Гарасім усьміхнуўся і адказаў:
— Так, Шмуйла, угадаў. Добрая ў цябе памяць.
— Але, добрая памяць, — дадаў Несьцер: — але мяне дык бадай не пазнае.