— Адкуль вас бог нясе? — пасьля некаторага часу маўчаньня, скончыўшы вячэру, запытаўся Шмуйла. Далей, не чакаючы адказу, ён зьвярнуўся к дачцэ:
— Вялі паставіць людзям самавар, яны замерзьлі з дарогі.
— Добра, зараз, зараз! — адказала дзяўчына.
— Адкуль вас бог нясе? — перапытаў Шмуйла ў другі раз.
— Ох, з усяго сьвету! — адказаў Гарасім.
— Здалёку, кажаце?
— Дый што казаць, вядома, што здалёку, — пацьвярдзіў Несьцер.
— Вось парадуйце нас, што гэта ў вас чутно?
Шмуйла пагладзіў бораду, замармытаў нешта і сумна адказаў:
— Ды ў нас ня вельмі добра. Эх… — ён матнуў рукамі.
У гэты час папасчыкі-сяляне штосьці перагутарылі між сабою і пачалі зьбірацца к выхаду.
— Што, едзеце, мужчыны? — пацікавіўся Шмуйла.
— Так, пара; коні досыць супачылі і папасьвіліся. А нам трэба к раніцы быць у Сажным. Пойдзем, браткі, — адказаў адзін з сялян.
І ўсе яны вышлі з хаты. За імі ў стадолу, запаліўшы сьвірэлку, вышаў і хлапец Шмуйлы. Скрып дзьвярэй і пацягнуўшае з стадолы халоднае, пахнучае гноем паветра напоўнілі карчму.
— Зачыняйце хутчэй! — гукнуў Шмуйла, — дроў лішніх няма, павінна быць дорага цяпло.
І потым загутарыў ні то з сабою, ні то з Грэбенямі:
— Ні дроў няма, нічога няма. Зьнішчылі, агалілі край уканец. Як ток, зрабілі. Каб тут і колькі было ўсякага дабра, дык выкрадуць, выхапаюць. Жарты — цэлых шэсьць гадоў нішчыць — то й зямлю можна раскрасьці ўсю. Адзін прыдзе — бярэ сабе, сьцягае, другі прыдзе — бярэ далей і вязе к сабе, — трэці і дзесяты — бяруць і бяруць… А аддаць — ніхто.
— Кепска, кажаш, Шмуйла? — перабіў Гарасім.
— Яшчэ як, браток, дрэнна, выказаць нельга. Можа прыглядаліся, ідучы дарогаю: слупы павернуты, дрот ва-