— Яна вельмі нядужая. Няхай сьпіць. Вось сёньня ранкам ёй стала лягчэй. Увесь час толькі й думала аб вас, толькі й марыла. І ноччу і ўдзень нясьціхана заве: Гарасімка, Несьцерка…
Грэбені супакоіліся.
— Чаго-ж яна ў вас? — запытаў Гарасім.
— А бацька дзе? — дадаў Несьцер.
— Чакайце. Перш усяго разьдзеньцеся. Хутка Паруля згатовіць абед…
Аднак Грэбені незварушна сядзелі.
— Будзьце рады, небажаты, што хоць маці можа вас угледзець. Куды там думаць аб большым?..
X
У час размовы ўбеглі ў хату зараз трое дачок Сымона. За імі ўвайшла жонка, старая Юзя. Усе яны чынна падыйшлі перш к Гарасіму, потым к Несьцеру, пацалаваліся, перакінуліся пытаньнямі і адыйшлі к мыцельніку. Бабуля-ж села на ўслоне й пачала пільна азіраць гасьцей. Сымон падагнаў Парулю, каб яна хутчэй запаліла ў печы й гатавала абед.
— Дык слухайце, небажаты, — прадаўжаў Сымон, раз-по-разу вымаючы з роту люльку і пазіраючы ў запечак, — такоўскія справы. Як бачыце, думаю, што вы прымецілі — хата ваша згарэла разам з другімі. Насілу выбавілі мацеру — усё зьнішчылася. Яшчэ толькі твае Васіль ды Саламея сумелі Матруны пакойніцы куфэрак выцягнуць з агню.
— Мае? Васіль і Саламея? — зьдзіўлена запытаў Гарасім.
— Так, сынок, яны цяпер у школе ў Сьцяпанічах, — уставіла Юзя: — заўтра нядзелька, і яны прыбягуць дадому.
— Ну, а Матрунка дзе? — трывожна запытаўся Гарасім.
— Ох! — сашчапіла рукі Юзя: — няма чаго й казаць… Ведаеш, Гарасімка, замучылі паны. Так-такі й замучылі: жыўцом загналі ў магілу. Наказалі, вядома, ім вашы прыяцелі, і ноччу за месяц да адходу іх увалілася ў хату дзесяцёра ле-