Некалькі чалавек ўскорылі ў двор і направіліся да Аксеньні й Мікіты, другія пакіравалі на другі бок хаты.
То былі стражнікі.
— Дзе сын? — выгукнулі двое ў адзін голас, абступіўшы старых. — Кажы, а то на месцы сьмерць.
Перапужаныя да няпрытомнасьці старыя Вілы не маглі прамовіць і слова.
— Кажы-ы! — закрычаў ужо адзін стражнік і заядла хвасянуў нагайкаю па плячох старога Мікіту.
— А-ай! — застагнаў стары.
І не пасьпеў абарвацца яго крык, як з сянец пачулася некалькі рэвольвэрных стрэлаў…
Вакол аддалося гучнае рэха. А праз некалькі хвілін, калі, апамятаўшыся ад нечаканай страляніны, дзесяцёра стражнікаў на чале з прыставам варваліся ў сені Вілавых хаты і радасна выгукнулі — «здавайся», Ігнась ляжаў на ўслоне з прабітаю галавою, з акрываўленым тварам і адзежаю, а пры ім, бледныя, як сьмерць, стаялі Трахім, Хрызь і Фэйга.