— Ці ты чуеш, ці не? — гучней і зьлей гукнула Палута на сынка і штырханула яго рукою ў бок.
Янка раптам узварухнуўся, выпрастаўся й мігам падняўся.
— Мамачка, толькі не чапайцеся. Я вам сазнаюся — я эьбег ад пана Замыжнага. Вельмі ўжо там з мяне зьдзекваліся: не кармілі зусім, білі, папіхалі, спаць не давалі. Я ня мог сьцярпець і… зьбег. Ня беце матачка-а… Не магу я служыць у Замыжнага, ні за што не магу і… ня буду.
— Брэшаш, распусьнік!
— Не, мамачка, дальбог не, — стукнуўшы кулаком у грудзі, пакляўся Янка.
Палута замаўчала і некалькі часу нічога не казала, але скора да яе надышло сумненьне, і яна вымавіла да сынка:
— А калі ты хлусіш, што тады будзе? Вось я толькі папытаю ў аканома Сідара, чакай…
— Не, ні каліва ня хлушу, ні беднага… Папытайцеся сабе ў дзядзькі Сідара… — умольна, гледзячы Палуце ў вочы, апраўдваўся Янка.
Але не пасьпеў ён дагаварыць свайго апраўданьня, як пачуўся стук у вакно, а за ім і голас знадворку.
— Палута! Палута-а, га?
Палута кінула Янку, барджэй падбегла да вакна і ўгледзела ў ім Сідара, аканома Замыжнага.
— Ага-а! Сіда-ар! Чаго-ж гэта вы? — запытала яна Сідара, прачыняючы вакно.
Сідар усьміхнуўся і адказаў:
— Чаго! Да ты, пэўна, і сама дагадалася… Гэта-ж…
— А што? — запытала Сідара Палута.
— Да, простая рэч, за хлопцам прыехаў. Узяў учора ноччу і зьбег. Кінуў-рынуў у полі стада, а сам, займаздароў, драла. І ліха ведае, колькі ўчыніў шкоды: у сенажаць, ведаеш, рынула ўсё стада і нашчэнт здратавала з дзесяціну поплаву. Эх, такі ўжо, галубка, распусны ён у цябе, такі мудрагельны хлапец, што ня дай ты рады. Пэўна заснуў у пасе-